вівторок, 6 жовтня 2015 р.

ІГАР ТЫШКЕВІЧ: Крызіс жанру беларускае “дэмакратычнае апазыцыі”

Прызнацца, да апошняга адгаворваў сабе сядаць за гэты тэкст. Актыўнасьць беларускіх дэмакратычных сілаў узгадваў не раз. Але каб засяродзіцца на працы менавіта гэтае часткі грамадства – неяк не хацелася. Не з прычыны браку ведаў – дзякаваць Богу значную частку лідараў ведаю асабіста. Зь некаторымі сябрую. Камусьці дапамагаў парадамі ці працай.
Справа ў іншым – якраз у тым, што і праз 8 год жыцьця ў Украіне я ўсё яшчэ асабіста ведаю практычна ўсіх лідараў апазіцыйнага лягеру. Людзі тыя самыя. І іх сектар працы ўсё болей і болей нагадвае менавіта лягер – не дарма ўжыў менавіта гэтае слова.

Аднак хопіць пісаць доўгія ўводзіны. Перайду да сутнасьці.
Зараз ідуць выбары прэзідэнта. Любая электаральная кампанія натуральным чынам выносіць на суд грамадзкасьці напрацоўкі палітычных сілаў і іх прапановы па упарадкаваньню (адбудове, разьвіцьцю, рэфармаваньні і г.д.) дзяржавы. І, сыходзячы з агучаных тэзаў выбудоўваецца палітычны дыскурс на бліжэйшыя гады. Незалежна ад таго, хто перамог у кампаніі.
Сёлетняя кампанія адрозная ад усіх папярэдніх. Прычынаў можна назваць мноства. Набяруся сьмеласьці пералічыць пэўную колькасьць:
Упершыню за апошнія 20 год Беларусь уваходзіць у прэзідэнцкую кампанію на фоне крызісу ў эканоміцы
Вонкавыя падзеі – украінскі крызіс істотна падвысіў інтарэс асноўных гульцоў міжнароднае палітыкі да рэгіёну, дзе Божаю воляй ляжаць і беларускія землі
Традыцыйны саюзьнік Лукашэнкі – Расея сама знаходзіцца далёка не ў лепшых умовах. Пачынаючы ад фінансавых і да палітычных
Тое, пра што казалі футуролагі такі адбываецца – эра эканомікі сыравіны сыходзіць. Каштоўнасьцю і рэсурсам стае не прадукцыя, а перш-наперш тэхналёгія, веды.
І, самае цікавае на ўнутраным полі – паступовыя зьмены ў палітыцы самога Лукашэнкі. Гэта і пазыцыя што да падзеяў у Украіне і, што важней, гаворка пра патрэбу зьменаў у эканоміцы.
Такія стартавыя ўмовы маглі б спрычыніць выбух ідэй, прапановаў, канцэпцый. Маглі б. Але не ў Беларусі. І на жаль не ў асяродку дэмакратычных сілаў. Прычына ў двух словах – крызіс жанру. А што гэта – паспрабую апісаць.

Крыху гісторыі з суб'ектыўнай падачай

Тое, што ў асяродку апанентаў А.Лукашэнкі насьпявае глыбокі крызіс было зразумела яшчэ ў 2005-2006 годзе. Менавіта тады апазіцыя ўпершыню адчула кадравы голад. Новыя каманды «новых» лідараў збольшага фармаваліся за кошт «старых і правераных» кадраў. З адной папраўкай, на той час менавіта ў палітыку былі перацягнуты некалькі сотняў актывістаў трэцяга сэктару. Гэта стварыла уражаньні абнаўленьня палітычных колаў. І пэўнаю мераю адцягнула крызіс. Другім чыннікам былі пратэсты на плошчы. Багатая колькасьць студэнтаў, сярод якіх сапраўды былі новыя твары. Але большасьць зь іх зьехала па навуку за межы краіны (што апраўдана). Іншыя – распусьціліся ў вязкім «апазіцыйным жыцьці».
Не марнаваў час і А. Лукашэнка. Узгадаем падзеі 2008-2009 году. На хвалі крызісу ў Беларусі адбываецца лібералізацыя працэсу рэгістрацыі бізнэсу. Адпаведна ўсе больш менш кемлівыя, згубіўшы працу пайшлі зарабляць грошы. Апаненты існага рэжыму засталіся на галодным пайку. Красамоўны факт: нават маючы па беларускіх мерках шалёныя бюджэты кампанія «Гавары праўду» на моманце свайго стварэньня пайшла па шляху банальнай перакупкі актывістаў іншых сілаў. Што з іншага боку прадэманстравала наступленьне больш разбуральнай фазы крызісу – крызісу ідэяў.
Як вядома, любая палітычная сіла імкнецца да ўлады. Гэта натуральна. Не меней натуральным ёсьць тое, што любая палітычная сіла разглядае ўладу выключна як інструмент для рэалізацыі сваёй праграмы – нізкі захадаў, што мяняюць грамадскія адносіны, дзяржаву.
І вось тут мы падыходзім да галоўнага. А менавіта разуменьня палітычнымі лідарамі таго, якую краіну яны жадаюць бачыць. Дастаткова задаць кожнаму зь іх простае пытаньне «патлумачце, якой мае быць Беларусь і якое месца ў глабальнай сістэме яна мае займаць праз 5, 10, 15, 20 год». Вось з адказамі на такое простае пытаньне і ёсьць праблема.  Усе быццам бы «супраць антынароднага рэжыму Лукашэнкі». ОК. Лукашэнкі не стала. І што далей? Праз 5 хвілін пасьля падзеі, праз суткі, месяц, год, 10 год? Праблема нават у фармуляваньні спрошчанага адказу: «Чым мае стаць Беларусь, на якую краіну падобнай?». Крызіс ідэяў.
Гэты самы крызіс ідэяў паўстаў не проста так. Брак новых людзей абмяжоўвае магчымасьці дыскусій унутры саміх партый. Што адбіваецца на іх інтэлектуальным патэнцыяле – магчымасьці гэнэраваць новыя ідэі і выпрацоўваць механізмы данясеньня тэзаў да грамадзтва. Што і ёсьць функцыяй палітычных эліт – дыктаваць парадак для краіне.

Колькі прыкладаў «з натуры»

Што мы мелі апошнія гады. Так сталася, што давялося ў аўральным парадку пару год таму «чысьціць» праграму адной з палітычных сілаў. І там, напрыклад у галіне навукі асноўнаю тэзаю было – вяртаньне ЭГУ ў Беларусь. Тваю ж макаўку, ЭГУ у Беларусі дасі штуршок фундаментальным досьледам!
Іншая праграма. Стварыць мільён працоўных месцаў. Спадарства, вы дынаміку дэмаграфічнай сітуацыі бачылі? Статыстыку МАМ чыталі. Не ў галіне «рабочых спэцыяльнасьцяў», а ў галіне афіцыйных кантрактаў кваліфікаваных беларусаў за мяжою. Для каго?
Іншы перл адтуль жа. Мадэрнізацыя і рэканструкцыя прадпрыемстваў стварае дадатковыя працоўныя месцы. Хм... я чамусьці думаў, што зьмена падыходу да вытворчых працэсаў уключае ў сабе аўтаматызацыю і павышэньне ролі кваліфікаванага працаўніка, а не колькасьці працоўных. І параўноўваючы нашыя гіганты з аналагічнымі прадпрыемствамі за мяжою становіцца зразумела, што мадэрнізаваць трэба. Іначай крах. Але слушныя падыходы ўключаюць у сабе звальненьне прынамсі 60% працаўнікоў – гэта баласт для прадпрыемства. І кампенсаваць гэтыя страты маюць новыя магутнасьці, малы бізнэс і г.д.
Іншыя наогул карыстаюцца напрацоўкамі 1999 году. Якія ёсьць ні чым іншым як перапісанай праграмай 1994 г. Эгей, спадарства, тое што 21 год прайшоў, гэта нічога?
Называць узгаданыя палітычныя не буду. Такая сітуацыя скрозь. Да таго ж гэтыя прынамсі спрабуюць прапанаваць сваё.
Іншыя не дайшлі і да такога. Памятаеце ідэю «Народны рэфэрэндум». Больш яскравага прызнаньня ў няздатнасьці думаць і прапаноўваць шляхі разьвіцьця краіны я прыдумаць не магу. Сутнасьць геніяльна ў сваім ідыятызме: замест таго каб прапаноўваць тэмы грамадзтву «палітычныя эліты» просяць саміх грамадзянаў сфармаваць для іх парадак дня. Дык чаго ж разьменьвацца на дробязі кшталту «дармавой медыцыны ўсім і кожнаму». Можна было б адразу заявіць «прадаць стратныя прадпрыемствы а грошы падзяліць паміж насельніцтвам. Па 100 баксаў на асобу. Зараз!». Тут і эканоміка быццам бы і людзям спадабаецца. Калі супраць продажу – можна пакінуць толькі другую частку «даеш 100 баксаў сёньня і за так».

Крызіс аналізу альбо «неча на зеркало кивать коли рожа крива»

Крызіс ідэяў праяўляецца ня толькі ў фармаваньні ўласных плянаў. Гэта адбіваецца і на аналізе сітуацыі. У тым ліку актыўнасьці апанентаў. У колах «дэмакратычных сілаў» папулярная думка пра недалёкасьць прэзідэнта Беларусі. Ён і неадукаваны, і трымаецца выключна за кошт расейскае падтрымкі і г.д. Але вось дзіва гэты «неадукаваны» пакідае ў дурнях такіх разумных і цудоўных палітыкаў. І робіць гэтае ужо амаль 25 год. Расея таксама ўстройвала Лукашэнку «цуды галаданьня». Часам працягласьцю ў 8-10 месяцаў. І што? Размовы «далоў Лукашэнку працягваліся».
А Лукашэнка тым часам мяняў краіну. Часткова ішоў па вядомаму шляху «стварэньня кропак росту» -- так разьвівалася перапрацоўка нафты і аднаўляўся хімпрам, так «падымаўся Беларуськалій», ствараліся магутнасьці па перапрацоўцы сельгаспрадукцыі. У рэшце рэшт так узьнікаў ПВТ. Сьпіс дастаткова вялікі. Рэакцыі на кожны з гэтых крокаў з боку апанентаў не было ніякай. Прыклады? Усе галіны прыводзіць не буду – доўга. Вось толькі 2 рэчы, якія пры належным асьвятленьні маглі стварыць тое, што таварышч Маркс называў «рэвалюцыйнай сітуацыяй»:
У Беларусі фактычна праведзены першы этап ліберальнай (і вельмі не сацыяльнай) зямельнай рэформы. На доўгім шляху шматлікіх рэарганізацыяў калгасаў адбыліся ключавыя зьмены. Калгасы станавіліся кааператывамі. Пасьля сельгаскаапэратывамі і нарэшце ААТ. Кожны раз перапісваліся статуты. І вось цуд, у часе перапісваньняў кудысьці згубілася згадка, што сродкі вытворчасьці калгасаў (тая ж зямля) сфармаваныя шляхам унёскаў людзей. І яны маюць права прэтэндаваць на іх і на частку прыбытку. Самае смешнае, нават у тыповым «уставе сельско- хозяйственного коллективного хозяйства» 1971 году такая ўзгадка прысутнічала. У Беларусі з 2010-11 гадоў былыя калгасьнікі ў лепшым выпадку акцыянэры - мінарытарыі. Прычым іх акцыі не забясьпечваюцца асноўнымі сродкамі прадпрыемства. Кажучы простай мовай – яны ўжо ніхто і могуць выкінуць дзедаўскія акты на зямлю як пустыя паперкі.  Самае цікавае – даваў інфармацыю і крыніцы (дзе шукаць) некалькім прадстаўнікам некалькіх партый. Зваротная сувязь была адна: напішы артыкул ці тэзы выступу для нас. Спадарства! Я прынцыпова беспартыйны. І чаму адзін чалавек мае вырашаць за вашыя калектыўныя «думальныя» органы і органы прыняцьця рашэньняў? А дзе ж дэмакратыя :-)
Перапрацоўка сельскагаспадарчай прадукцыі. Зараз ведаем, што Беларусь прадае і малако і мясныя вырабы. Раней такіх аб'ёмаў не было. І тут цікавыя рэчы. Пачынаючы з 2006 году і аж да 2011 у КОЖНЫМ раённым бюджэце была графа «субвэнцыі на стварэньне магутнасьцяў для перапрацоўкі с.г. прадукцыі». Грошы спускаліся мэтава. І грошы былі. У некаторых раёнах імі затыкалі дзіркі. Дзе-нідзе выкарыстоўвалі па прызначэньню. Так ўзьнікла гомельская гандлёвая марка «Савіта», якая працуе на ўкраінскі рынак. Так ствараліся мясакамбінаты на вёсках. Аб'ёмы фінансаваньня былі каласальнымі: 118 раёнаў х 100-200 тыс даляраў х 6 год. Вось яшчэ адна тэма. Якую, дарэчы можна было б выкарыстоўваць на мясцовых выбарах «валячы» вертыкаль, што «праела» грошы.
Сутнасьць добрага палітыка – думаць. Аналізаваць свае посьпехі і няўдачы, дзеяньні апанентаў. За іх добрыя крокі выказваць павагу. За кепскія – жорстка крытыкаваць. У беларускіх рэаліях пакуль няма ні таго ні другога.

Фінал крызы альбо перамога імпатэнцыі

Возьмем апошні год. У Беларусі прайшлі істотныя зьмены ва ўрадзе і сярод дарадцаў Лукашэнкі. І адноўленая каманда зьвярнула ўвагу на глабальныя працэсы. А менавіта пераход ад эканомікі сыравіны да эканомікі ведаў. Што гэта азначае для Беларусі? Амаль нічога апроч таго, што:
Праз 15-20 год практычна ўсе асноўныя галіны вытворчасьці перастануць быць лакаматывам разьвіцья. Усё адно дзе будзе зьбірацца прадукцыя -  галоўнае тое, у каго тэхналёгіі зборкі. У такім фармаце канцэпцыя «зборачнага цэху» - канцэпцыя краіны 3-га сьвету – вытворчасьць разьмяшчаюць там дзе танная працоўная сіла. І як толькі яна пачынае даражэць – уладальнікі вывозяць магутнасьці
Мяняецца баланс сілаў у рэгіёне і сьвеце. Частка старых «супэрдзяржаваў» стае фактычна нічым. Такая роля у РФ – пачытайце пра % даходаў ад сыравіны. Такая ж роля ў, напрыклад Францыі, што згубіла свой навуковы патэнцыял. Кітай, дарэчы гэта бачыць і таму паднябесная апошнія 10 год ганяецца за навукоўцамі а не за інвестыцыямі ў вытворчасьць.
Істотна зьніжаецца роль краінаў-транзіцёраў. Асноўны даход – гандаль ведамі. А яны ужо распаўсюджваюбцца не ў выглядзе апламбаваных вагонаў на чыгунцы.
Такія працэсы даюць шансы для малых краінаў. Такіх, як і Беларусь. Зважаючы на наяўнасьць рэсурснае базы, нашая дзяржава не можа стаць моцным гульцом у сыравіннай эканоміцы. Але цалкам можа стаць такім у эканоміцы ведаў. Пры ўмове, што значная частка рэсурсаў будзе кінута на 1-2 накірункі.
Самае вясёлае ў тым, што гэтыя працэсы бачаць дарадцы Лукашэнка. І на зьнешняй арэне беларуская дыпламатыя ўжо год як спрабуе «прадаць» канцэпцыю вельмі жорсткіх рэформаў. Добра прапрацаваную і структураваную. Унутры Беларусі гэты комплекс дакумэнтаў усплываў у выглядзе артыкулаў Рудага. Да і сама перадвыбарчая праграма Лукашэнкі. Там ёсьць і зьмена падстаў эканамічнага функцыянаваньня дзяржавы. Там ёсьць эканоміка ведаў. Там ёсьць сувязь эфэктыўнасьці працы і ўзроўню аплаты. Там ёсьць у рэшце рэшт энэрга- эфэктыўнасьць як адзін з прыярытэтаў. Так, называць свой плян «рэформамі» Лукашэнка не будзе. У ягонай падачы гэта зьмены, эвалюцыя, разьвіцьцё. Але сутнасьць адна – упершыню за увесь час свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка ідзе на выбары з фактычна антыпапулісцкай праграмай.
А ягоныя апаненты... Альбо на каленцы накіданае. Альбо, як тая ж Караткевіч – старыя лозунгі Лукашэнкі. Першы яе слоган, які быў на першых улётках – пажаданьне жыцьця «як у тэлевізары» найлепшым чынам адлюстроўвае падыходы. Фактычны ўзятыя тэзы Лукашэнкі, ад часткі якіх ён сам адмовіўся як ад састарэлых. І ў што ў такім разе нам прапануе «дэмакратычная альтэрнатыва»? Мінулае. Нейкія тэзы, скрозь перасыпаныя махровым папулізмам. Стаўка каманды якая вядзе кампанію не на аднаўленьне шэрагаў, не на прапанову новага (адзінае нове – родавыя прызнакі – раней былі мужчыны, а зараз жанчына). Так, у тэхналягічным пляне людзі «паднатарэлі». Але нават 100 разоў слушны адказ на пытаньне «як?» не заменіць аднаго адказу на пытаньне «што?».
І тут справа не ў Караткевіч ці яе паплечніках. Справа ў апанентах Лукашэнкі. Была бы больш лагічная прапанова праграмы, пасьлядоўнасьці крокаў – не франдавала бы ГП супраць Някляева і не даставала бы «з пад сукна» жанчыну-кандыдата.
Таму вынік беларускіх выбараў відавочны. Лукашэнка будзе прэзідэнтам. Але нават болей за тое. На полі «апазіцыі» ён таксама атрымаў перамогу – калі не будзе сілавога разгону пратэстаў, санкцыі здымуць. І гэта будзе першы выпадак у найноўшай гісторыі, калі дзяржава выходзіць з-пад санкцый не саступіўшы ніводнае пазіцыі. Нават палітвязьні – выпусьцілі ня ўсіх. І паралельна садзяць новых.
Беларусь распачынае новы, цікавы перыяд разьвіцьця. Які дае новыя магчымасьці для краіны. І дае магчымасьці для разьвіцьця палітычнага поля. Але, калі апазіцыя застанецца такой як цяпер, то зьмены могуць палягаць у плаўнай замене доўгага прэзідэнцтва спадкаемнай манархіяй. Каб такога не сталася маюць зьмяніцца самі лідары апазіцыйных партый і самі партыі.
Калі яны пачнуць:
аналізаваць сітуацыю
прапаноўваць свае падыходы
цьвяроза ацэньваць і каментаваць дзеяньні апанентаў
ствараць новыя пляцоўкі для дыскусій
І у рэшце рэшт узгадаюць, што яны – дэмакратычныя. А гэта значыць самі пачнуць стымуляваць абнаўленьне шэрагаў. Не натуральным чынам (па ўзросту) як зараз, а праз дыскусію, жывы працэс. Так, апазіцыя тады стане іншай. Але ў такіх варунках іншай, лепшай стане і Беларусь.
ЗЫ: Падказка. Усе без вынятку партыі за дармавыя адукацыю, мэдыцыну і г.д. Праўда ніхто не кажа «скуль на гэта грошы бяруцца». Для прыкладу даю дыяграму, якую рыхтаваў да аднаго з «украінскіх» артыкулаў. Гэта – колькі мільёнаў тонаў умоўнага паліва дзяржава выдаткоўвае на прадукаваньне 1 млрд. ВУП. Параўнайце паказчыкі Францыі і Беларусі. Вось дзе можна знайсьці грошы і для эканамічнага росту і для сацыялкі «па францускім узоры». Але вось засада, ні ў воднай праграме я не знайшоў ні слова пра энэргаэфектыўнасьць. Соррі, знайшоў, у А. Лукашэнкі...


ЗЗЫ:
Так павялося, што пасьля кожнага артыкула (які пісаўся «за так») я раблю дадатак – прашу грошай. Ідэя простая. Тэкст – гэта прадукт. Прадукт спадабаўся – плаці. Можаш лайкам, можаш рэпостам. А можаш і грашыма.
На што выдаткоўваю:
1. Сабе на піва
2. Падарункі (і ня толькі цацкі) для выхаванцаў дзіцячага дому сямейнага тыпу ў суседнім пасёлку – ну люблю я да іх у госьці хадзіць ))
3. Дапамога спецпрызначэнцам ВМСУ. Таму што тата быў марак. І таму штэ гэтыя хлопцы ну надта добра робяць сваю справу. У тым ліку эфэктыўна ўгнойваюць украінскую зямлю «заблудшими туристами — любителя русского мира»
Жыву не ў Беларусі, таму і рэквізіты «не туташнія». Тым не меней цікава, ці спрацуе такі падыход да землякоў.
Ітак, грошы прымаюцца:
Картка «Пріватбанку» (Украіна) №  5168 7423 0834 3288
Альбо сыстэма вэбмані (гэтае ўжо можна і праз беларускі Тэхнабанк зрабіць):
Грыўня: U247333217329
Даляры: Z293974971904



Немає коментарів:

Дописати коментар